У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій
28 лютага сябры Руху Салідарнасці „Разам” правялі ў Курапатах традыцыйную акцыю па ўшанаванні памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій.
Адметнасць акцыі ў тым, што адбылася яна напярэдадні святкавання 100-годдзя БНР. Нягледзячы на мароз і завею, ля Памятнага каменя на Галгофе сабраліся 9 чалавек. Вячаслаў Сіўчык сказаў: „Праз 25 дзён будзе юбілей велічнай даты ў гісторыі беларускай нацыі. 25 сакавіка 1918 года была адноўлена беларуская дзяржаўнасць. У кожнай нацыі ёсць свае святыні і свае нацыянальныя даты. Дзень 25 сакавіка – Свята для кожнага беларуса. Нават для тых людзей, у якіх няма яшчэ разумення, што гэта – іх свята. Беларускія палітыкі здзейснілі сто гадоў таму ў фантастычна неспрыяльных умовах рэальны подзвіг. Але пад ударамі акупацыйных войскаў беларуская улада на нашай зямлі была знішчаная. Таму і адбываліся жахлівыя трагедыі, і ўвесь свет ведае пра Курапаты і Трасцянец. Але прыйдзе час, калі будзе беларуская улада, і 25 сакавіка будзе дзяржаўным святам!”
Сустаршыня Руха Салідарнасці „Разам” Алена Талстая абвесціла традыцыйную хвіліну маўчання па ахвярах камуністычнага і нацысцкага тэрору. У кароткай прамове яна нагадала пра ўрачыстае ўзнагароджанне памятным медалём імя Сяргея Ханжанкова, якое мае адбыцца 13 сакавіка а 18-й гадзіне на Управе БНФ, і заклікала прыняць удзел у мерапрыемстве.
Акцыя завершылася па традыцыі малітвай „Ойча Наш”, запальваннем знічак, якія кранальна сагравалі змерзшыя далоні, ускладаннем кветак да Каменя Памяці і Крыжа Пакутнікам, нацыянальным гімнам „Магутны Божа” і воклічам „Жыве Беларусь!”
[Not a valid template]
Фота Руху Салідарнасці „Разам”