У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій



Актывісты Руху салідарнасці „Разам” правялі ў Курапатах пад Менскам традыцыйную штомесячную акцыю ўшанавання памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій.

Кажа сустаршыня Руху Алена Талстая:

– Менавіта тут было абяцана, што будзе стаяць мемарыял, знак ушанавальны, знак пакаяння, знак прызнання злачынства камуністычных рэпрэсій. Не проста нейкіх абстрактных рэпрэсій, а менавіта рэпрэсій Лубянкі, рэпрэсій Крамля супраць беларускага народа. Дасюль гэтага знаку няма, знаку, які б яскрава паказваў асуджэнне гэтых камуністычных рэпрэсій. На жаль, рэпрэсіі супраць беларускага народу працягваюцца.

Рух салідарнасці „Разам” штомесяц 29-га праводзіць у Курапатах акцыі ў памяць пра ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 года, калі ў Менску камуністычныя ўлады расстралялі больш за сотню беларускіх інтэлектуалаў.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск