У Курапатах усталявалі памятны крыж ад жыхароў Берасця
Прадстаўнікі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ наведалі мемарыял у Курапатах у гадавіну бальшавіцкага перавароту і Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Актывісты дапамагалі ва ўстаноўцы памятнага крыжа ад жыхароў Берасця і выказалі надзею на тое, што яны будуць з’яўляцца і ад імя іншых гарадоў краіны. Кажа Алесь Чахольскі, прадстаўнік КХП БНФ:
– Гэта працяг мемарыялу, які ўжо створаны беларускім народам, тут стаяць крыжы з Пінска, Нясвіжа, Лагойска. Я думаю, што мы сёння запачаткавалі новую традыцыю. Беларусы маюць права ўсталёўваць у гэтым месцы крыжы, бо ад рэпрэсій пацярпела кожнае мястэчка, кожны горад Беларусі.
Мемарыял ствараецца выключна дзякуючы намаганням грамадства, удзел дзяржавы мінімальны, хіба што ва ўстаноўцы шыльдаў і ўказальнікаў. Але ж па-сапраўднаму народнае месца памяці зрабіць пад сілу толькі нам самім, без спадзеваў на кагосці, – зазначыў Алесь Чахольскі.
Падрабязней пра матывы апавядае краязнаўца, адзін з ініцыятараў усталявання крыжа Ігар Бараноўскі:
– Найперш адзначу, што крыж – гэта ініцыятыва, якая хоць і зарадзілася сярод грэка-католікаў, але разам было вырашана, што яна мусіць быць ад усіх берасцейцаў. І праваслаўныя далучыліся, і пратэстанты, і рыма-католікі сваімі ахвяраваннямі – усе людзі добрай волі, якія лічаць, што важна помніць і шанаваць сваіх продкаў-берасцейцаў, якія загінулі.
Прадстаўнік грэка-каталіцкай царквы айцец Ігар асвяціў крыж і прачытаў малітву разам з прысутнымі. Апроч берасцейцаў, на памятным мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Алесь Чахольскі і Валеры Буйвал, грамадскі актывіст Міраслаў Лазоўскі ды іншыя.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце – урочшча Курапаты
Фота аўтара