У Курапатах затрыманы Павел Севярынец
У Курапатах затрыманы сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Затрыманне адбылося падчас стрыму, які Севярынец вёў з Курапатаў у „Фэйсбуку”. Да палітыка спачатку падышлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, затым пад’ехаў белы мікрааўтобус, з яго выйшлі амапаўцы ў форме і правялі Севярынца ў аўтобус.
Тэлефон Севярынца зараз не адказвае.
Раніцай 4 красавіка ў Курапатах пачалі дэмантаваць мемарыяльныя крыжы, устаноўленыя Змітром Дашкевічам летась. „Падагналі экскаватар, ім выкопваюць крыжы — тыя, высокія, што ўсталёўваў Дашкевіч. Ужо дэмантаваныя недзе 20 крыжоў, з боку, што выходзіць на рэстаран „Паедзем паядзім”, — паведаміў Севярынец.
Ён таксама сказаў, што пад’езды да Курапатаў заблакаваныя, там дзяжурыць АМАП.
3 красавіка, паводле інфармацыі Севярынца, Курапаты наведалі чыноўнікі. Улады нібыта збіраюцца ставіць вакол ўрочышча агароджу.