У Курапатах затрыманыя абаронцы мемарыяла Павел Севярынец і Сяргей Аненкаў (абнаўляецца)
Затрыманы каля рэстарана „Поедим поедим” у Курапатах сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец знаходзіцца ў ізалятары УУС Менскага раёна на сталічнай вуліцы Францыска Скарыны, паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец.
Паводле яе слоў, там жа знаходзіцца і другі затрыманы, актывіст Сяргей Аненкаў.
Яна мяркуе, што заўтра адбудзецца суд над імі.
Севярынца і Аненкава затрымалі некалькі гадзін таму. Міліцыю выклікаў наведвальнік, які прыехаў у рэстаран на „Аўдзі” і якому актывісты спрабавалі ўручыць памятку аб расстрэлах ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы. Міліцыянеры, што прыбылі на месца інцыдэнту, адвезлі затрыманых у тэрытарыяльнае аддзяленне міліцыі.
Павел Севярынец — адзін з арганізатараў акцый супраць працы рэстарана „Поедим поедим”, якія з 31 мая штодня праводзяцца ля ўваходу на тэрыторыю ўстановы. Рэстаран размешчаны блізу месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
***
У Курапатах каля рэстарана „Поедим поедим” затрыманыя сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і актывіст Сяргей Аненкаў. Пра гэта Севярынец паведаміў БелаПАН.
„Прыехаў таварыш на „Аўдзі”, хацеў праехаць у рэстаран, адмаўляўся браць інфармацыю пра рэпрэсіі ва ўрочышчы і выклікаў міліцыю”, — расказаў палітык.
Міліцыянеры, якія прыбылі на месца, затрымалі Севярынца і Аненкава і павезлі ў найбліжэйшае тэрытарыяльнае аддзяленне міліцыі.
Севярынец мяркуе, што іх могуць затрымаць на тры гадзіны, скласці за гэты час пратакол аб адміністрацыйных парушэннях, у адпаведнасці з якім прыйдзецца альбо правесці некалькі дзён у ізалятары, альбо заплаціць штраф.
Севярынец — адзін з арганізатараў акцый супраць працы рэстарана „Поедим поедим”, якія з 31 тращня штодня праводзяцца каля ўваходу на тэрыторыю ўстановы. Рэстаран размешчаны паблізу месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
З 31 траўня штодня каля Курапатаў праходзяць акцыі супраць працы рэстарана „Поедим поедим”. У цэнтры ўрочышча 6 лістапада ўстаноўлены афіцыйны знак у памяць пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1930—1940-х гадоў. Ён уяўляе сабой драўляную канструкцыю на чатырох апорах ржавага адцення, да якой падвешаны звон.
belapan.by