У Курапатах знеслі металічныя крыжы ўздоўж МКАД (абноўлена)



У Курапатах 13 красавіка знеслі ўсе металічныя крыжы, што стаялі ўздоўж Менскай кальцавой дарогі. На месцы крыжоў высаджваюць дрэвы. Як адзначае старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, улады наўмысна абралі менавіта такі перыяд, каб руйнаваць крыжы.

Выбралі менавіта такія тэрміны, калі пост па каталіцкім і праваслаўным календары, напярэдадні Вялікадня. Зроблена гэта наўмысна. Чыноўнікі хацелі паказаць, хто ў хаце гаспадар: што яны захацелі з беларускім грамадствам тое і могуць рабіць, пераступаючы і маральныя прынцыпы, і заканадаўства.

На плот начапілі вазоны з хваёвымі галінкамі.

Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, сёння ў Курапатах прайшоў суботнік «па прыбіранні і ўпарадкаванні».

«Гэта нашая традыцыйная акцыя перад Вялікаднем і Радуніцай», — сказаў старшыня Менскага абласнога абʼяднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі.

У суботніку ўзялі ўдзел больш за 100 чалавек. З іх каля 40 чальцоў БРСМ, а таксама прадстаўнікі абʼяднання «Белая Русь», Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і ветэранскіх арганізацый.

На ўваходах у Курапаты ўсталёўваюць металічныя брамкі.

Знос крыжоў уздоўж МКАД у Курапатах пачаўся 4 красавіка. Тады ​знеслі 70 крыжоў і паставілі плот вакол урочышча.

Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org