У Курапатах зноў затрыманыя Павел Севярынец і Ніна Багінская
Затрыманыя 5 красавіка ў Курапатах сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і актывістка Ніна Багінская знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка Севярынца Вольга.
„Ён нейкім цудам змог патэлефанаваць і сказаў, што яны ўжо ў ІЧУ на вуліцы Скарыны, афармляюць пратаколы. Больш нічога не ведаю”, — сказала яна.
* * *
Сёння раніцай рабочыя працягвалі ўсталёўваць плот вакол урочышча. Прыблізна 10 актывістаў, у тым ліку Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і Ніна Багінская, падышлі да рабочых і пачалі ім тлумачыць, што гэта месца расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій, а таксама запатрабавалі спыніць работы.
Кажа прысутны ў Курапатах Вячаслаў Сіўчык:
– Рыхтаваліся ставіць плот, дзеля гэтага выкарыстоўвалі экскаватар. Пад расейскі шансон. Ніна Багінская стала перад гэтым экскаватарам. З’явіўся міліцыянт у форме, які адмовіўся прадстаўляцца. Сказаў: „вы и так меня знаете”. Была размова. І недзе праз хвілін пяць, калі ўжо ўсё супакоілася, пад’ехала яшчэ некалькі дадатковых машын, з якіх выскачылі амонаўцы. Схапілі Багінскую, якая ўжо не стаяла перад экскаватарам, і пачалі цягнуць яе ў машыну. Павел Севярынец проста ўзяў яе за руку. І адразу быў загад забраць і Паўла.
Паводле БелаПАН, у Курапатах прысутнічае начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Удодаў. Адзначым, што Ніна Багінская прыйшла сёння ў Курапаты з бел-чырвона-белым сцягам і ў паліто з прышытым плакатам “Свабоду народу”.
***
У Курапатах 5 красавіка зноў затрыманыя Павел Севярынец і Ніна Багінская.
Сёння раніцай рабочыя працягнулі ўстаноўку плота вакол урочышча. З дапамогай спецтэхнікі яны робяць ў зямлі адтуліны для слупоў, на якіх будзе мацавацца агароджа.
Прыблізна 10 актывістаў, якія прыйшлі раніцай у Курапаты, у тым ліку Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і Ніна Багінская, падышлі да рабочых і пачалі ім тлумачыць, што гэта месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама запатрабавалі спыніць работы.
Багінская запатрабавала ад рабочага, які кіраваў міні-экскаватарам, выключыць музыку, выказаць павагу да мемарыяла.
У сваю чаргу прысутны начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Удодаў запатрабаваў ад актывістаў сысці і не перашкаджаць рабочым. Багінская звярнулася да Удодава з просьбай паўплываць, каб рабочы выключыў музыку. Міліцэйскі начальнік распарадзіўся выключыць музыку.
Затым у Курапатах прыехалі два мікрааўтобусы. У адзін з іх, з надпісам „Міліцыя”, заштурхалі Багінскую, у другі — Севярынца. Астатнія актывісты адышлі ад рабочых.
Сёння раніцай ва ўрочышчы сабраліся прыблізна 10 актывістаў. Багінская прыйшла з бел-чырвона-белым сцягам і ў паліто з прышытым плакатам „Свабоду народу”.
4 красавіка ў Курапатах пад Менскам, на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, згодна з рашэннем улад былі дэмантаваныя 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале са Змітром Дашкевічам. Паводле інфармацыі міліцыі, падчас зносу крыжоў былі затрыманыя 15 чалавек „для высвятлення асобы і правядзення праверкі”.