У кватэру Ніны Багінскай у Менску прыйшлі сілавікі (абноўлена)



Ніну Багінскую і яшчэ шэсць чалавек прывезлі ў Першамайскі РУУС, паведамляюць валанцёры.

***

У кватэру ў Менску, дзе жыве вядомая 73-гадовая апазіцыйная актывістка Ніна Багінская, увечары 5 лістапада прыйшлі сілавікі, паведаміў праваабарончы цэнтр „Вясна” са спасылкай на дачку Багінскай.

У сваю чаргу „Радыё Свабода” ўдалося высветліць, што прыблізна ў 19-й гадзіне ў кватэру Багінскай уварваліся людзі без апазнавальных знакаў і заявілі, што павінны правесці там следчы эксперымент. Справа нібыта звязаная з унучкай Багінскай, якая жыве разам з ёй.

Суседзі расказалі, што Багінская выклікала на невядомых людзей міліцыю. Неўзабаве пасля міліцыі ў кватэру падняліся прыблізна 10 чалавек у чорным. Адзін з міліцыянераў заявіў, што Багінская ўдарыла яго табурэткай. Паводле слоў суседзяў, у пад’ездзе чуваць сварку ў кватэры Багінскай. Хутка туды павінна прыехаць яе дачка.

Варта адзначыць, што нядаўна пра Багінскую публічна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. „Вы глядзіце толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў. Калі Ніну Багінскую забраць, апазіцыі не будзе. Няма каму будзе хадзіць!” — заявіў Лукашэнка падчас разгляду кадравых пытанняў 20 кастрычніка.

„Я памятаю яшчэ Ніну Багінскую, жартам кажу, яна яшчэ ў службе бяспекі Пазняка працавала. Ну, малайчына. Яна перакананы чалавек. Ну што тут скажаш, яна перакананы. Так, яе погляды кардынальна разыходзяцца з нашымі. Але гэта перакананы чалавек. Яе ні ў якім разе нельга забіраць з вуліцы, таму што дэкарацыі знікнуць”, — заявіў Лукашэнка.

Ніна Багінская — дэмакратычны актывіст, удзельнічае ў пратэстных акцыях з 1988 года. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года стала адным з сімвалаў беларускага пратэсту. Багінскую неаднаразова затрымлівалі падчас вулічных акцый, у тым ліку на жаночых маршах гэтага года, і адбіралі ў яе бел-чырвона-белы сцяг.

БелаПАН