У кватэру журналісткі Кацярыны Пытлевай другі раз прыходзілі з ператрусам (абноўлена)



У журналісткі Кацярыны Пытлевай 24 верасня прайшоў другі ператрус за месяц. На гэты раз прыйшлі з КДБ, дзверы, не ламалі і нават 40 хвілін чакалі чалавека з ключамі ад кватэры. Праграмнай дырэктарцы „Маланка Медыя” Кацярыне Пытлевай інкрымінуюць артыкул 361 КК, хаця да канца не вядома. Інфармацыі ніякай няма, расказвае яна:

– Што канкрэтна, зараз сказаць складана. Адваката майго, нягледзячы на тое, што яны ў курсе пасля першай справы, праз якую мне прыйшлося з’ехаць, хто прадстаўляе мае інтарэсы ў Беларусі, ніхто не інфармаваў ні пра вобшук – ні пра першы, ні пра другі – ні пра справу. Таму ўдакладніць магчымасці няма, ніякіх дакументаў яны не пакідалі. Можна толькі меркаваць па тым, што было ўбачана ў гэтым ордэры. То бок, гэта або стварэнне экстрэмісцкага фармавання, або заклікі да захопу ўлады.

Мінулы ператрус у Кацярыны Пытлевай прайшоў 7 верасня. Тады у кватэры зладзілі сапраўдны безлад, як пісала журналістка «дзверы зламалі не толькі ўваходныя, але і чамусьці ў спальню, хоць замкоў усярэдзіне не было, малатком разбілі фігуркі вожыкаў, парассыпалі крупы і муку па ўсёй кватэры. Чарговыя візіцёры паводзілі сябе больш культурна і нават пажурылі так званых «калегаў».

– Ва ўсялякім выпадку яны не сталі выламваць дзверы. Яны пачакалі, пакуль прыедзе чалавек з ключамі. Звярталіся на “вы”, вялі сябе вельмі спакойна, тактоўна. Нічога не пераварочвалі.

Журналістка раней супрацоўнічала з дзяржаўным тэлебачаннем, адкуль звольнілася напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Такім чынам яна выказала нязгоду з палітыкай дзяржавы і кіраўніцтва кампаніі. Журналістка апошнім часам не жыве ў Беларусі.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Беларускую журналістку Кацярыну Пытлеву падазраюць у закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. За такія дзеянні пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Пра гэта журналістка паведаміла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”. 24 верасня ў ейнай менскай кватэры прайшоў другі вобшук. Кацярына піша: „Гэтым разам прыйшлі быццам бы з КДБ, дзверы, на шчасце, не ламалі. Мяркуючы па іх рэакцыі, убачыць наступствы папярэдняга вобшуку яны не чакалі, нават здзіўлена пыталіся, маўляў: „І гітару таксама яны зламалі, і заплечнікі парэзалі?!”

Першы вобшук прайшоў 7 верасня, журналістка ахарактарызавала яго як пагром. Пытлева эмігравала разам з мужам і дзецьмі ў адну з еўрапейскіх краін у 2020 годзе, баючыся пераследу з боку ўладаў. Цяпер яна вядзе выпускі навін на youtube-канале „Маланка медыя”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com/katerina.pytleva