У кватэры праваабаронца Алега Волчака праходзіць другі за суткі вобшук
У кватэры праваабаронца Алега Волчака ў Менску супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзяць другі за суткі вобшук.
„Гэта адбываецца з дзвюх гадзін ночы. Другі вобыск ужо за сёння, — расказаў Волчак БелаПАН. — У мяне кватэра на праспекце Пераможцаў побач са стэлай. Там на рацэ [Свіслачы] была знойдзена сумка з астанкамі чалавека. У мяне ёсць зводны брат, які зарэгістраваны ў гэтай кватэры. Ён меў зносіны з дзяўчынай, якая знікла. Пакуль яшчэ не ўстанавілі, што гэта яе астанкі, але яны ўжо мяркуюць, што ў кватэры, магчыма, магло быць здзейснена [злачынства]”.
Паводле слоў Волчака, пастанова аб вобыску падпісаная пракурорам Менска. Супрацоўнікі праваахоўных органаў „прыехалі з сучасным абсталяваннем для вызначэння біялагічных матэрыялаў”. „Цяпер старанна адгледжваюць усю кватэру на наяўнасць слядоў крыві і гэтак далей”, — сказаў Волчак.
Як паведаміла 3 студзеня прэс-служба МУС, каля поўдня 2 студзеня ў сталічную міліцыю звярнуліся супрацоўнікі камунальнай службы, якія праводзілі ачышчальныя работы ў Свіслачы. Яны сказалі, што дасталі з ракі спартыўную сумку з астанкамі канечнасцяў чалавека.
„На месца здарэння неадкладна выбыла следча-аператыўная група, кіраўніцтва МУС і ГУУС Мінгарвыканкама. Супрацоўнікі міліцыі сумесна з прадстаўнікамі іншых праваахоўных структур прымаюць усе магчымыя меры па ўстанаўленні ўсіх абставін таго, што адбылося, і асоб, якія маглі ўчыніць злачынства”, — адзначыла прэс-служба МУС.
Следчы камітэт па факце выяўлення астанкаў чалавечага цела распачаў справу на падставе ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Беларусі (забойства).
„Следчымі органу дазнання дадзены неабходныя даручэнні, прызначаныя экспертныя даследаванні. Цяпер следствам праводзіцца актыўная праца па ідэнтыфікацыі астанкаў, устанаўленні іншых абставін злачынства, а таксама асоб, якія мелі дачыненне да забойства”, — адзначалася ў паведамленні прэс-службы СК.