З кватэры Таццяны Каравянковай канфіскаваны сістэмны блок хатняга кампутара



Працягваюцца вобшукі і допыты у рэдакцыях беларускіх СМІ і ў кватэрах журналістаў. Гэтыя дзеянні адбываюцца паводле крымінальнай справы аб нібыта несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармацыйнага агенства БелТА, якую завёў Следчы камітэт.

Ірына Леўшына

Па словах рэдактара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыны Леўшынай, журналістка гэтай кампаніі Таццяна Каравянкова знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна ў Менску.

– Яе мама зараз туды паехала, каб перадаць ёй перадачу. Маме следчыя ўчора сказалі, што Таццяна затрыманая на 72 гадзіны, то-бок на трое сутак у рамках гэтай справы, якую распачаў Следчы камітэт. Раніцай сёння ў яе ў менскай кватэры таксама адбыўся вобшук, які доўжыўся гадзіну. У выніку была канфіскаваная начынка дамашняга кампутара.

У Следчым камітэце быў дапытыны як сведка таксама рэдактар БелаПАН Андрэй Серада. Пасля допыту журналіста вызвалілі, але з яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні. Пряцягваюцца таксама допыты затрыманых рэдактараў парталу TUT. BY, у тым ліку галоўнага рэдактара Марыны Золатавай. Сёння стала вядома пра вобшукі і допыты ў супрацоўнікаў парталу Realt.by, у рэдактара сайту газеты „Беларусы і рынак” Аляксея Жукава, у журналіста і медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя