У квізе ад Алеся Мазаніка перамаглі “Гарадзенцы”
У Цэнтры гарадскога жыцця Гародні адбыўся інтэлектуальны спабор “Імбрыкі ды Імбрычкі”, які ладзіў Алесь Мазанік. Пытанні па гісторыі і геаграфіі, беларуская музыка і розныя рэбусы – гэта толькі невялікая частка гульні. Пра яе адметнасць кажа Алесь Мазанік:
– Сабралася 25 чалавек. Я лічу гэта вельмі ўдалым, прытым што цудоўнае надвор’е, шмат хто выехаў за горад. І я, безумоўна, настроены працягваць гэта рабіць. Прыблізна раз на два тыдні ці раз на месяц – як будзе атрымлівацца. Удзельнічала 5 каманд. З іх каманда «Гарадзенцы» дасягнула вынікаў бадай што топ-3 у Беларусі па падобнай гульні.
Для ўдзельнікаў гульня была магчымасцю атрымаць новыя веды:
– Па-першае, пытанні пра Беларусь, пра падзеі, звязаныя, у асноўным, з нашай краінай, таму гэта вельмі цікава і карысна. Заўсёды нешта новае даведваешся. Па-другое, сама гульня вельмі цікавая.
– Гэта добры спосаб даведацца штосьці новае, даведацца больш пра краіну, пра гісторыю і культуру Беларусі, а таксама пазнаёміцца з цікавымі людзьмі.
Алесь Мазанік плануе ладзіць падобныя гульні ў Гародні штомесяц.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня