У Лельчыцкім раёне хлопчыка забіла токам



Лельчыцкі РАСК праводзіць праверку па факце гібелі ў вёсцы Сініцкае Поле чатырохгадовага хлопчыка. Дзіця загінула яшчэ 19 верасня ад удару электратокам, але СК пакуль не высветліў усіх абставінаў і прычын трагедыі.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, у сям’і было шэсць дзяцей. Старэйшая дзяўчынка прыйшла са школы і знайшла мёртвым чатырохгадовага брата. Хуткая меддапамога канстатавала смерць. Устаноўлена, што дзіця загінула ад электратраўмы.

Ля ложка дзіцяці ёсць разетка, але ці ад яе хлопчык атрымаў удар токам і якім чынам, пакуль не высветлена.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, бацька ў дзень трагедыі быў на працы, маці — дома, бо яна ў дэкрэтным адпачынку. Малодшае дзіця нарадзілася ў 2017 годзе. Двое хлопчыкаў былі ў сваіх пакоях, астатнія — у школе. Непадалёк ад ложка знайшлі металічную спіцу ад парасона, аднак тое, што менавіта яе дзіця ўваткнула ў разетку, пакуль не даказанае.