У Лепелі агучылі прысуд за забойства двухгадовага дзіцяці



13 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму прысудзіў Віцебскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Лепелі Алене Харлёнак. Яна ў канцы траўня мінулага года задушыла свайго двухгадовага сына ад першага мужа, будучы цяжарнай ад свайго новага сужыцеля.

На папярэднім пасяджэнні суда пракурор выступіла з прапановай прызначыць жанчыне пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 13 гадоў з утрыманнем у папраўчай установе агульнага рэжыму.

І хоць адвакат імкнуўся знізіць тэрмін зняволення жанчыне, спасылаючыся ў сваёй прамове на цяжкія і складаныя ўмовы жыцця Алены Харлёнак, але суд заняў пазіцыю пракурора і агучыў прысуд:

– Харлёнак Алену Сяргееўну прызнаць вінаватай у заведамым забойстве малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане, і прызначыць ёй па пункце 2 частцы 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 13 год з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Залічыць у тэрмін пакарання час затрымання і ўтрымання пад вартай. Меру стрымання абвінавачванай пакінуць ранейшай – заключэнне пад вартай.

На працягу ўсіх пасяджэнняў суда Алена Харлёнак адмаўлялася ад дачы паказанняў, у судзе зачытвалі яе паказанні падчас следства. І ад апошняга слова яна таксама адмаўлялася, але старшыня суда папрасіла жанчыну яго хаця б зачытаць.

Як сказала Алена Харлёнак, за тыя месяцы, калі яна знаходзілася ў СІЗА, яна шмат пераасэнсавала і зразумела, што зрабіла самую страшную памылку ў сваім жыцці:

– Я вінаватая ў смерці свайго маленькага сына. З гэтым грузам на сэрцы вельмі цяжка. На момант учынення злачынства я знаходзілася на апошнім тэрміне цяжарнасці, у дэпрэсіі і стане прыгнечанасці, пад пастаянным псіхалагічным уздзеяннем і маральным гвалтам з боку свайго сужыцеля Андрэя Казіцкага. Я ні ў якім разе не здымаю з сябе адказнасці, але ступень маёй віны – усё ж такі мінімальная. Самае страшнае ўжо адбылося, і я ўжо пакарала сябе самым страшным грахом і самым страшным пакараннем. Ніхто не ведае, што дзеецца ў мяне ў душы. Унутры мяне ўжо нічога не засталося.

Нагадаем, што падчас знаходжання пад арыштам жанчына нарадзіла дзіця, якое забралі ў яе па рашэнні суда Лепельскага раёна. Зараз падсудная аспрэчвае гэтае рашэнне.

Таксама і прысуд Судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда, які быў агучаны Алене Харлёнак 20 студзеня ў Лепелі, яна можа абскардзіць у законным парадку.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя