У лесе пад Барысавам знайшлі чатырох мужчын, якія памерлі ад псіхатропаў



Упраўленне Следчага камітэта па Менскай вобласці ўстанаўлівае акалічнасці смерці чатырох мужчын, звязанай, як мяркуецца, з атручэннем псіхатропнымі рэчывамі і наркатычнымі сродкамі.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Беланог, днём 18 верасня ў лясным масіве ў Барысаве мясцовыя жыхары знайшлі чацвярых мужчын без прыкмет жыцця. Медыкі, якія прыбылі на выклік, канстатавалі на месцы смерць двух з іх, 1981 і 1984 гадоў нараджэння. Трэці мужчына, 1980 года нараджэння, памёр, не прыходзячы ў прытомнасць, у бальніцы. Чацвёрты, 1988 года нараджэння, памёр у рэанімацыйным аддзяленні ноччу 28 верасня. Усе яны — жыхары Барысава. Згодна з наяўнымі звесткамі, двое з іх былі асуджаныя і раней ўжывалі наркотыкі.

Падчас агляду месца здарэння следча-аператыўная група выявіла прадметы, якія сведчаць пра ўжыванне загінулымі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Барысаўскім раённым аддзелам СК распачатая справа паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч. 5 арт. 328 КК (незаконны збыт наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, што пацягнуў смерць грамадзян). Следства і міліцыя устанаўліваюць асоб, якія займаюцца распаўсюджваннем забароненых рэчываў.

На падставе пастаноў следчых Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз праводзяцца дзясяткі экспертных даследаванняў для ўстанаўлення прычыны смерці мужчын, а таксама канфіскаваных рэчыўных доказаў, выяўленых медыцынскіх шпрыцаў, шкляных флаконаў і іншых прадметаў.

За восем месяцаў гэтага года УСК па Менскай вобласці пачатыя прыблізна 700 крымінальных спраў па факце незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя больш за 250 чалавек.

Фота echospb.ru