У журналіста з Бярозаўкі Юрыя Дзешука прайшоў ператрус



У бярозаўскага журналіста Юрыя Дзешука прайшоў ператрус. У выніку ў Юрыя Дзешука забралі кампутар, дзве відэакамеры, ноўтбук, носьбіты флэш-памяці і мабільны тэлефон. Дзешуку ўручылі позву з патрабаваннем з’явіцца на допыт 10 лютага.

Міліцыянты заявілі, што ператрус адбываўся ў межах крымінальнай справы за “наўмыснае псаванне транспартнага сродку альбо шляхоў злучэння” (ч.1 арт. 309 КК), а Юры Дзяшук праходзіць па справе як сведка.

Згодна з паведамленнем Следчага камітэта, крымінальная справа распачатая ў сувязі з перакрыццём 29 снежня 2020 году бетоннымі слупамі чыгункі ў Лідзе. Тады машыніст пасажырскага цягніка Гародня —Гомель заўважыў перашкоду на рэйках, аднак спыніць састаў не паспеў. Падчас здарэння ніхто з пасажыраў не пацярпеў, праз некаторы час цягнік пайшоў далей.

Беларускае Радыё Рацыя