У Лідскім раёне выявілі індыйскі штам каронавіруса



У Лідскім раёне выявілі індыйскі штам каронавіруса. Пра гэта паведамляе «Лідская газета».

«Дэльта» вельмі заразны. Зараз гэты варыянт каронавіруса выяўлены ў 111 краінах. Ён цыркулюе ў Індыі, дзе яго ўпершыню выявілі ў кастрычніку 2020 года, у Расеі, Велікабрытаніі, Іспаніі, Турцыі, Тайландзе, Ізраілі, Бразіліі і ЗША.

Спецыялісты СААЗ чакаюць, што хутка ён стане дамінуючым штамам каронавіруса ў свеце.

У Беларусі індыйскі штам выяўлены ўпершыню 23 чэрвеня ў Менску. Цяпер яго выявілі і ў Лідскім раёне. Пра гэта на планёрцы ў райвыканкаме распавёў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач рэгіёну Аляксей Арачоў. Ён таксама адзначыў, што ў раёне колькасць выпадкаў захворвання COVID-19 расце.

Што тычыцца новага штаму, то вірус паводзіць сябе больш агрэсіўна, чым папярэднія варыянты каронавіруса: працэнт працякання захворвання ў больш цяжкай форме значна вышэйшы, сімптомы некалькі іншыя – замест страты нюху могуць выяўляцца недамаганні ў выглядзе страўнікава-кішэчных расстройстваў.

zerkalo.io

Фота: pixabay.com