У Лідзе да пратэстоўцаў выйшаў начальнік мясцовага РАУС



У Лідзе два дні да будынка райвыканкама выходзяць тысячы лідзян, незадаволеных вынікамі выбараў. У першы дзень супрацоўнікі мясцовага РАУС адразу адступілі, а пасля, калі прыйшла дапамога з суседніх раёнаў, то зноў узялі ў кальцо будынак выканкама.

Першыя сутычкі і затрыманні адбыліся пасля таго, як пратэстоўцы паспрабавалі запыніць пажарныя машыны, якія ехалі ў бок адміністрацыйнага будынка. Прыкладна а першай гадзіне ночы да пратэстоўцаў выйшаў начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка. І папярэдзіў аб адказнасці і паабяцаў перадаць патрабаванні сабраўшыхся кіраўніку райвыканкама:

– Я начальнік мясцовай міліцыі. Я ні ад каго не хаваўся і ніколі не хаваюся. Разыходзьцеся! Перад такім натоўпам ніхто вынікаў аб’яўляць не будзе. Як начальнік міліцыі я гэтую інфармацыю перадам і скажу, каб гэтая інфармацыя была да вас даведзеная. Гэта не ў маёй кампетэнцыі. У маёй кампетэнцыі – наводзіць парадак у маім і вашым горадзе.

Людзі: Мы ніколі не бачылі ў сваім горадзе людзей са шчытамі! У нас мірны горад!

Дзмітрый УляшкаДругой інфармацыі ад мяне, на жаль, не чакайце.

Людзі: Дзякуй. Міліцыя – з народам!

Масавыя гулянні лідзян працягнуліся і на наступны дзень. І калі ў першую ноч было затрымана каля двух дзясяткаў чалавек, то сведкі паведамляць, што ў мінулую ноч у Лідзе ізноў былі масавыя брутальныя затрыманні. І праводзілі іх ужо не мясцовыя міліцыянты.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Liderfm.by