У Лідзе прайшла акцыя ў абарону незалежнасці
У Лідзе далучыліся ў выходныя да акцый супраць інтэграцыі з Расеяй. Каля дзесяці маладых людзей мітынгавалі ў цэнтры горада ўвечары 22 снежня.
Удзельнік акцыі Ілля Шаблінскі распавёў «Свабодзе», што мітынг пачаўся каля помніка князю Гедыміну, які нядаўна ўсталявалі паблізу Лідскага замка.
Маладыя людзі стаялі з бел-чырвона-белымі сцягамі на плячах. Адзін з іх трымаў плакат «Беларусь не Расея». Потым пратэстоўцы перайшлі на плошчу Леніна, да галоўнай гарадской ялінкі.
Паводле Іллі, шматлікія людзі рэагавалі пазітыўна, падыходзілі зрабіць супольнае фота, пыталіся пра сэнс акцыі. Іншыя хваляваліся, што беларусы не змогуць пражыць без танных расейскіх газу і нафты.
Акцыя доўжылася дзве гадзіны. Калі пад’ехала міліцыя, хлопцы сышлі. Нікога з іх не затрымалі.