У Лідзе работнік банка выкрадала грошы кліентаў
Лідскім раённым аддзелам Следчага камітэта падчас расследавання справы аб махлярстве ў буйным памеры (ч. 3 арт. 209 КК) выяўлены факт крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 210 КК).
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, ва ўчыненні злачынстваў падазраецца мясцовая жыхарка, якая раней працавала ў адным з банкаў Ліды. З 2013 па 2014 гады пад маркай узяцця ў доўг яна завалодала 800 доларамі ЗША, што належалі двум калегам. Апрача таго, злоўжываючы даверам, запэўніла яшчэ дзвюх супрацоўніц банка аформіць на сваё імя крэдыты і перадаць грошы ёй, абяцаючы своечасовае пагашэнне плацяжоў. І прысвоіла 73 млн. рублёў.
Апрача таго, падчас праведзенай банкам унутранай праверкі і наступных следчых дзеянняў з’явіліся падставы падазраваць жанчыну ў крадзяжы 1.700 долараў ЗША з рахунку аднаго з кліентаў шляхам складання падложнага расходнага валютнага ордэра.
З мэтай забеспячэння кампенсацыі нанесенага ўрону накладзены арышт на маёмасць падазронай на агульную суму звыш 100 млн. рублёў. Следчыя вывучаюць канфіскаваную банкаўскую дакументацыю, праводзяць допыты работнікаў банка, у тым ліку былых, а таксама кліентаў. Прызначаная почырказнаўчая экспертыза. Устанаўліваюцца іншыя асобы, правы і законныя інтарэсы якіх маглі быць парушаныя незаконнымі дзеяннямі былой работніцы банка.
Канчатковая прававая ацэнка дзеянням фігуранткі будзе дадзеная пасля завяршэння расследавання.