У Лідзе штрафуюць раварыстаў



У Лідскім раённым судзе мясцовая жыхарка Вераніка Шыкас атрымала ад суддзі Філатава адміністрацыйны штраф памерам 20 базавых велічынь. У судзе высветлілася, што супраць Веранікі міліцыянты сфабрыкавалі два пратаколы.

Віну Вераніка Шыкас не прызнала:

– Я была з бацькам, і мне прад’явілі абвінавачванне, што два пратаколы было за 15 верасня і за 30 жніўня. 30 жніўня было шэсце ў Лідзе, а 15 верасня быў велапрабег і мяне затрымалі, я ўжо ехала дахаты. На велапрабегу я была з бел-чырвона-белым сцягам, потым я яго зняла, ужо ехала дахаты, і па дарозе мяне затрымалі. Пад’ехалі два «бусы», выскачылі людзі ў чорных балаклавах.

У судзе прысутнічалі тры міліцыянты-сведкі, якія ілжыва сведчылі па адным з пратаколаў, што Вераніка «асабліва актыўна ўдзельнічала ў роварным прабегу, бо была са сцягам». Ці апраўданы такія паводзіны асобаў, якія называюць сябе міліцыяй адносна мірных грамадзянаў?

Кажа праваабаронца Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага Камітэта:

– Дайшлі ўжо да таго, што сталі складаць пратаколы нават на аматараў веласпорту, напрыклад, у той самай Лідзе, якія вырашылі праехаць па горадзе. На іх сталі складаць пратаколы, пачалі іх вылоўліваць. Правілы дарожнага руху велааматары сталі парушаць з-за таго, што сталі ўцякаць ад невядомых «бусікаў» без нумароў, невядома, хто там сядзіць без апазнавальных знакаў у балаклавах.

Захоп асобамі без апазнавальных знакаў у масках, цывільных грамадзянаў «на роварах», альбо «без» – сэнсоўна было б прыраўняць да захопу мірных грамадзянаў бандыцкімі фармаваннямі. І рэакцыя да іх, у прававой дзяржаве, павінна была б быць адпаведнай. У кожным выпадку паводзіны гэтых людзей «растоптваюць нормы Канстытуцыі краіны, акты пра грамадзянскія і палітычныя правы людзей».- мяркуе Раман Юргель.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя