У Лідзе за хабар затрымалі намесніка старшыні райвыканкама
Намеснік старшыні Лідскага райвыканкама затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні хабару. Пра гэта паведамілі ў Гарадзенскай абласной пракуратуры. Разам з ім затрыманы таксама старшыня Трацьцякоўскага сельсавета.
Дваіх чыноўнікаў затрымалі непасрэдна на вуліцы.
Службовых асоб падазраюць у атрыманні хабару за садзейнічанне ў атрыманні бясплатных віз іншым асобам. Устаноўлена, што яны ўключалі ў спісы на атрыманне бясплатных віз для спартовых каманд і народных калектываў людзей, якія не маюць да спорту і музыкі ніякага дачынення.
У межах крымінальнай справы фігуруюць некалькі дзясяткаў псеўдаспартоўцаў і псеўдамузыкантаў, усе яны атрымалі бясплатныя візы для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах і музычных фэстывалях.
Беларускае Радыё Рацыя
