У Лідзе змагаюцца за павелічэнне беларускіх песень на радыё



Старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка змагаецца з лінгвацыдам у дачыненні да беларусаў, які мае месца праз трансляванне чужамоўных (расейскіх) песень на мясцовым, дзяржаўным радыё. Так і атрымліваецца, што развіццё нацыянальнай справы ў беларускай Лідзе тармозіцца адэптамі «рускага міру», якія фармуюць сетку вяшчання. Ад гэтага часовыя беларускія «перамогі» ў супрацы з раённымі ўладамі па развіцці дзяржаўнай беларускай мовы ў выніку – марныя.

Кажа Лявон Анацка:

– Схадзіў у краму ўвечары, уразіла. Сядзелі тры прыгожыя дзяўчынкі, яны не сварыліся, яны проста адна з адной размаўлялі матам. Гэта страшэнна. Я, напрыклад, мару пра тое, каб у Лідзе ў нас сустракаліся б дзяўчаткі, якія размаўлялі б па-беларуску. А гэта тады, калі яны недзе будуць чуць гэта. Але дзе яны могуць гэта чуць? На радыё. Трэба хоць часткова, напрыклад, не тры песні ў дзень, а хаця б тры песні – у гадзіну, з дваццаці – тры. А я нават не магу дамагчыся, каб „Песняры” загучалі.

Паводле маніторынгу сеткі радыёвяшчання ў Лідзе, які правёў Лявон Анацка, з трох соцень песень, якія гучаць у суткі – беларускіх толькі тры!!! Зварот, які накіраваў Лявон Анацка ў тэлерадыёцэнтр Ліды і ў мясцовую пракуратуру, пакуль не прынёс адказу па сутнасці лінгвацыду беларусаў у Лідзе ў сферы радыёвяшчання.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя