У Лідзе з’явіцца помнік Гедыміну



Помнік заснавальніку замка і горада Ліды князю Гедыміну, паводле палажэння аб конкурсе, плануюць усталяваць побач з паўночнай сцяной Лідскага замка.

У палажэнні аб арганізацыі і правядзенні конкурсу эскізных праектаў помніка «Заснавальнік замка — князь Гедымін» гаворыцца, што кампазіцыйнае і пластычнае рашэнне помніка павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага нацыянальнага манументальнага мастацтва.

Кіраўнік Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік адзначае яшчэ адно важнае патрабаванне: у конкурсе могуць браць удзел скульптары і архітэктары, якія маюць прафесійную адукацыю.

«Пачытаўшы палажэнне аб конкурсе, я не знайшоў там упамінання менавіта пра конны помнік, бо размова ўвесь час вялася менавіта пра конны помнік князю Гедыміну. Мне здаецца, што перавагу будзе мець менавіта такі праект. Князь Гедымін, дарэчы, не проста заснавальнік замка, але і горада, і ён павінен быць з усімі атрыбутамі вялікакняжацкай улады. Праўда, я перакананы, што беларускія скульптары гэта і самі выдатна разумеюць».

Ці будуць кампенсавацца затраты скульптара на ўзвядзенне манумента, не паведамляецца.

Работы неабходна прадаставіць да 15 лютага 2018 гада ў ідэалагічны аддзел Лідскага выканкама (каб. 62). Даведкі па тэл. (154) 52-77-45.

Паводле bizlida.by

На фота: помнік Гедыміну ў Вільні