У Літве фіксуюць рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы



Служба аховы дзяржмяжы Літвы заяўляе, што па гуманітарных прычынах у краіну ўжо прыбылі каля 350 грамадзян Беларусі.

Пра гэта паведамляе партал Delfi са спасылкай на кіраўніка ведамства Рустамаса Любаеваса.

«За ўвесь перыяд са жніўня па 20 снежня на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі па асаблівых гуманітарных прычынах з дазволу міністра ўнутраных спраў прыбылі 347 грамадзян Беларусі, 74 грамадзяніна звярнуліся за прытулак», — сказаў Любаевас на прэс-канферэнцыі.

У той жа час, па яго словах, у Польшчу перабраліся 606 беларусаў, а за прытулкам звярнуліся 127.

З панядзелка Беларусь увяла забарону на выезд з краіны для сваіх грамадзян, матывуючы гэта барацьбой з каронавірусам. Аднак, паведаміў Любаевас, сітуацыя кардынальна не змянілася: узначальваемая ім служба з лістапада фіксуе рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы, таксама працягваюць паступаць просьбы аб прытулку.

«Цяпер складана ацэньваць, ці дазволяць грамадзянам Беларусі выязджаць з краіны, каб звяртацца па прытулак або па гуманітарных прычынах, аднак у перыяд з 1 лістапада па 20 снежня ўзрасла колькасць выпадкаў, калі грамадзяне Беларусі прыбываюць на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі не праз дзяржмяжу, баючыся праверак на пунктах кантролю, з просьбай аб прытулку. Можна прагназаваць, што такія выпадкі будуць здарацца часцей», — выказаў меркаванне чыноўнік.

Ён адзначыў, што, улічваючы гэтыя тэндэнцыі, прымаюцца дадатковыя меры: узмоцнены кантроль і нагляд на межах, пры неабходнасці можа быць прыцягнута больш супрацоўнікаў.

novychas.by