У Літве прэзентавалі хроніку адкрыцця магілаў паўстанцаў
У Нацыянальным музеі Літвы прэзентавалі гісторыка-археалагічнае даследаванне “Шлях паўстанцаў 1863–1864 гадоў на смерць і ўваскрашэнне”. Выданне мае 220 старонак, над ім працавалі літоўскія адмыслоўцы.
Эксгумацыя парэшткаў паўстанцаў на гары Гедыміна ў Вільні
Яны падсумавалі працу археолагаў, якія два апошнія гады вялі раскопкі на гары Гедыміна ў Вільні. Там пасля апоўзня знайшлі парэшткі паўстанцаў, у тым ліку кіраўнікоў паўстання — Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага. Урачыста перапахаваюць іх 22 лістапада ў капліцы на віленскіх могілках Росы.
Як адзначае “Свабода”, кніга складаецца з дзвюх частак. Першая мае назву “Дарога да смерці” і змяшчае біяграфіі паўстанцаў, якія загінулі на Лукішскім пляцы, а таксама апісвае гісторыю іх арыштаў, допытаў і судовых працэсаў. Другая частка “Дарога да адраджэння” апісвае месцы пахавання забітых паўстанцаў, абставіны іх адкрыцця і ідэнтыфікацыі. Даследчыкі вывучалі фатаграфіі загінулых, шукалі іх жывых і мёртвых крэўных у Літве, Польшчы, Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя