У Літве пройдуць вучэнні па рэагаванні на магчымую аварыю на БелАЭС



Вучэнні па рэагаванні на магчымую аварыю на Беларускай АЭС пройдуць 1—4 кастрычніка ў Віленскім, Швянчонскім раёнах Літвы і, магчыма, Вільні, паведамляе партал навін Delfi са спасылкай на балтыйскае інфармагенцтва BNS.

„Наша мэта — прааналізаваць практычныя аспекты, звязаныя з папярэджаннем і інфармаваннем жыхароў, іх эвакуацыяй, часовым перамяшчэннем, дэзактывацыяй, — цытуе партал начальніка ўпраўлення грамадзянскай абароны дэпартамента супрацьпажарнай аховы і ратавання МУС Літвы Эдгараса Гяду. — Мы абмяркуем працэдуры і працэсы, магчымасці кіравання інфармаваннем, будзем шукаць адказы на пытанні, актуальныя для ўсіх устаноў, якія будуць удзельнічаць у гэтых вучэннях”.

Паводле слоў старшага спецыяліста аддзела арганізацыі аховы жыхароў упраўлення грамадзянскай абароны Евы Гатэлітэ, да вучэнняў плануецца прыцягнуць цывільных асоб.

„Зараз вядуцца гутаркі з самакіраваннямі, у якіх плануецца арганізаваць частку вучэнняў, — заявіла яна. — Гэтыя самакіраванні праінфармаваныя, што запатрабуюцца людзі-статысты, якія б узялі ўдзел у вучэннях. Адным з заданняў будзе правядзенне эвакуацыі, для гэтага спатрэбяцца статысты. Вучэнні плануюцца так, каб як мага больш былі прыцягнутыя да рэальнага сцэнару”.

Паводле інфармацыі дэпартамента супрацьпажарнай аховы і ратавання, падчас вучэнняў „будзе ацэненая актывізацыя Дзяржаўнага цэнтра па аперацыях экстрэмальных сітуацый і адпаведных дзяржаўных, муніцыпальных устаноў, цэнтраў аперацыі па экстрэмальных сітуацыях, пытанні абнаўлення і перадачы звестак аб сітуацыі, праверка і падтрымка сувязі”.

Як паведамлялася, у кастрычніку мінулага года ўлады Літвы абнавілі план дзеянняў па абароне насельніцтва ў выпадку ядзернага інцыдэнту, у тым ліку аварыі на БелАЭС. Адзін са сцэнараў плана прадугледжвае эвакуацыю прыблізна 6 тыс. жыхароў прылеглых да Беларусі раёнаў у выпадку сур’ёзнай аварыі на АЭС.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом  за кошт крэдыту Расіі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца летам 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

Літва — самы актыўны крытык БелАЭС. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва АЭС вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

15 чэрвеня 2017 года літоўскі сейм прыняў закон аб тым, што АЭС, якую будуюць у Беларусі, уяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі.

belapan.by