У Літве затрымалі цягнік «Беларуськалія» з буйной кантрабандай цыгарэт



Амаль 50 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт «Fest» знайшлі ў адным з 63 вагонаў з угнаеннямі.

Кантрабандысты схавалі тытунёвыя вырабы ў скрынкі і абматалі ў поліэтыленавую плёнку. Пра знаходку паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. Агульны кошт кантрабанды – 124 тысячы еўра.

Цягнік «Беларуськалія» ішоў у порт Клайпеды для разгрузкі ўгнаенняў, якія мелі паставіць у Венесуэлу. Літоўскія праваахоўнікі лічаць, што кантрабанда прызначалася для літоўскага рынку, а выгрузіць цыгарэты збіраліся на шляху ў Клайпеду.

Пачата следства па факце незаконнага перамяшчэння праз мяжу падакцызных тавараў. Цяпер цыгарэты захоўваюць у памежнай службе Літвы, паведамляе belsat.eu са спасылкай на pasienis.lt.