ІД узяла на сябе адказнасць за напады ў Лондане (абноўлена)
Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за напад на людзей у Лондане, ахвярамі якога сталі сем чалавек, паведамляе ВВС.
Такое паведамленне джыхадзісты распаўсюдзілі праз звязанае з імі інфармацыйнае агенцтва Амак.
Раней брытанская паліцыя заявіла, што ўстанавіла асобы нападнікаў, аднак пакуль не стала выдаваць іх імёны.
«Ісламская дзяржава» часта бярэ на сябе тэрарыстычныя акты ў Еўропе, нават калі відавочнай сувязі паміж нападнікамі і ІД не прасочваецца.
Паліцыя і ўлады Брытаніі ніяк не пракаментавалі гэтую заяву.
* * *
Жыхары Лондана прыносяць кветкі на Бора-хай-стрыт, дзе напярэдадні адбыўся напад, якое ўлады лічаць тэрактам. Паліцэйскае ачапленне ў гэтым раёне захоўваецца.
Як стала вядома ВВС, адзін з удзельнікаў учарашняга нападу ў цэнтры Лондана, застрэлены паліцыяй, быў жанаты, у яго засталося двое дзяцей. Ён жыў у раёне Баркінг на ўсходзе брытанскай сталіцы апошнія тры гады. Сёння паліцыя правяла аперацыю па гэтым адрасе, у ходзе якой было затрымана 12 чалавек, у тым ліку жанчыны.
Увечары 3 чэрвеня белы фургон, які ехаў па Лонданскім мосце, заехаў на тратуар і пачаў душыць людзей. Адразу пасля гэтага паліцыя атрымала паведамленні пра людзей, якія атрымалі нажавыя раненні побач з рынкам Баро — ён размешчаны непадалёк ад Лонданскага моста. Па словах відавочцаў, людзі з нажамі выйшлі менавіта з фургона. Паліцыя расцаніла здарэнне як тэрарыстычны акт.
Загінула 6 чалавек, шпіталізавана 48 параненых.
Трое нападнікаў забітыя. На іх былі надзеты муляжы выбуховых прылад. Ніякай інфармацыі пра асобы нападнікаў паліцыя пакуль не раскрывае.
Адказнасць за тэракт пакуль ніхто на сябе не ўзяў.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй выказала падзяку паліцыі і экстраным служабам, якія працуюць на месцы здарэння.
«Нашы думкі з тымі, хто апынуўся міжвольным удзельнікам гэтых страшных падзей», – адзначыла яна.
«Мы яшчэ не ведаем усіх дэталяў, але гэта была наўмысная і баязлівая атака на нявінных лонданцаў і гасцей горада», – сказаў мэр Лондана Садзік Хан.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сваім Twitter: «Злучаныя Штаты зробяць усё, каб дапамагчы Лондану і Злучанаму Каралеўству. Мы з вамі. Беражы вас Бог!»
Тым часам Міністэрства замежных спраў Беларусі ўдакладняе, ці ёсць беларусы сярод пацярпелых падчас тэрактаў у Лондане.
Фота: REUTERS