У Лошыцы прайшлі Дзяды (абноўлена)



 

У Менску адбылося традыцыйнае шэсце ад гарадскога палаца культуры па вуліцы Маякоўскага да Лошыцы, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў 30 – 40 – х гадоў мінулага стагоддзя. Каля крыжа ў памяць ахвяраў прайшоў мітынг, у якім удзельнічала каля 50 чалавек. Арганізавала мерапрыемствы Кансерватыўна – хрысціянская партыя БНФ.

Па словах намесніка яе старшыні Юрася Беленькага, мы памятаем і шануем нашых продкаў, тых, хто быў без віны забіты расейскімі акупантамі:

– Мы заклікаем усіх беларусаў зрабіць усё, каб захаваць незалежнасць, каб не дапусціць так званай гэтай інтэграцыі. Бо мы бачым, што вынікам гэтай інтэграцыі будуць новыя Курапаты, новая Лошыца. Прырода расейскай імперыі не змянілася, яна да гэтай пары ёсць таталітарная, дэспатычная, яна ставіць помнікі Сталіну, яна заяўляе прэтэнзіі і вядзе войны супраць іншых краінаў і не разглядае нават беларусаў як асобны народ.

«Вынікам так званай паглыбленай інтэграцыі з Расеяй будзе працяг рэпрэсіўнай палітыкі супраць беларусаў. І трэба зрабіць усё магчымае, каб захаваць незалежнасць, захаваць сваю краіну», – сказаў Юрась Беленькі. На мітынгу быў зачытаны зварот старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі Зянона Пазняка, выступілі намеснік старшыні партыі Сяргей Папкоў, яе сакратар Валер Буйвал і іншыя. Сярод прысутных былі прадстаўнікі розных апазіцыйных партыяў – Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая і Вячаслаў Сіўчык, кіраўнік менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч, сябры Маладога Фронту.

***

Праходзяць традыцыйныя мемарыяльныя шэсце і мітынг у Лошыцы, да Крыжа на магілах беларусаў, расстраляных расейска-бальшавіцкімі акупантамі ў 1937-1941 гадах. Збор удзельнікаў адбыўся а 12-ай гадзіне каля Менскага гарадскога Палаца культуры на вуліцы Маякоўскага. Арганізатарам выступае Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ. Мерапрыемства дазволенае менскім гарадскім выканкамам.

Беларускае Радыё Рацыя