У Лунінцы з 9 паверха выпаў 23-гадовы афіцэр міліцыі



Следчыя высвятляюць абставіны гібелі ў Лунінцы супрацоўніка міліцыі, які выпаў з акна кватэры на дзявятым паверсе.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Беасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка 2 сакавіка прыблізна 4.00 у Лунінецкі РАУС паступіла інфармацыя, што паблізу аднаго са шматпавярховых жылых дамоў знойдзены мужчына з траўмамі, характэрнымі для падзення з вышыні.

Паводле папярэдніх дадзеных, ён выпаў з акна кватэры, размешчанай на дзявятым паверсе. Устаноўлена, што ў гэтым доме мужчына не пражываў.

Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі завезла 23-гадовага пацярпелага ў Лунінецкую цэнтральную раённую бальніцу, дзе ён каля 6.00 памёр.

Праверку праводзіць Лунінецкі раённы аддзел Следчага камітэта. Прычыну смерці мужчыны высвятляе судова-медыцынская экспертыза.

Малады чалавек пражываў у Лунінцы, працаваў у раённым аддзеле міліцыі на афіцэрскай пасадзе, не жанаты, меў добрую дзелавую рэпутацыю.