У Луцку сілавікі захапілі тэрарыста і вызвалілі закладнікаў



Ва ўкраінскім Луцку спецназ захапіў аўтобус і вызваліў закладнікаў, якія там заставаліся. Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выканаў адно з патрабаванняў тэрарыста.

Зяленскі запісаў кароткі зварот, які, праўдападобна, яму прадыктаваў тэрарыст, і сказаў, што трэба глядзець фільм „Зямляне”, як таго вымагаў тэрарыст. Намеснік кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка ўдакладніў, што пасля гэтага звароту з аўтобуса былі вызваленыя трое закладнікаў — пажылая жанчына, падлетак і маладая цяжарная жанчына.

Раніцай 21 ліпеня ў цэнтры Луцка узброены мужчына захапіў аўтобус, у якім знаходзілася 13 чалавек. Каля 22.00 тэрарыст здаўся. Ніхто з закладнікаў не пацярпеў. Афіцыйна імя мужчыны не называецца, аднак украінскія СМІ высветлілі, што гэта нейкі Максім Крывош. Па дадзеных паліцыі, Крывош раней знаходзіўся на псіхіятрычным лячэнні і каля 10 гадоў у папраўчай калоніі. 

Па дадзеных паліцыі, мужчына, які захапіў закладнікаў, меў агнястрэльную зброю, а таксама выбухоўку. Пры захопе аўтобуса ён зрабіў некалькі стрэлаў, пра пацярпелых не паведамляецца.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: EPA