У людзей з інваліднасцю ў Беларусі ёсць пагроза адабрання іх дзяцей
Гэта пацвярджае практыка зваротаў у Офіс па правах людзей з інваліднасцю. З такой пагрозай можна сутыкнуцца ў двух выпадках. Па-першае, калі маці мае псіхіятрычны дыягназ.
Але дыягназ сам па сабе не можа быць ні ў якім разе падставай для абмежавання правоў маці на выхоўванне дзіця, лічыць юрыст Офіса Алег Граблеўскі:
– Нашая прававая пазіцыя менавіта з псіхіятрычнымі захворваннямі грунтуецца на артыкулах Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, дзе накладваецца забарона абмяжоўваюць права на сям’ю, права на праваздольнасць на падставе нейкага захворвання.
Важна адрозніваць, што падставай для адабрання дзяцей можа быць не дыягназ, а менавіта стан канкрэтнага чалавека. А каб ацаніць стан, патрэбна комплексная эспертыза, якую не робяць.
Па-другое, практыка Офіса паказвае, што пад пагрозай адабрання дзяцей знаходзяцца маці на інвалідных вазках:
– Жанчына патэлефанавала, плакала, што вызываюць на камісію ў школу, што будуць ставіць на “сацыяльна небяспечнае палажэнне”. Я пытаюся: чаму? Таму што я не ўдзельнічаю ў бацькоўскіх сходах. А чаму вы не наведваеце бацькоўскія сходы? А яна кажа: таму, што я не магу на калясцы заехаць у гэтую школу. Там няма пандуса, няма таго, хто б мог мне дапамагчы.
Па асобных падліках Алега Граблеўскага, на дадзены момант на падставе псіхіятрычнага дыягназа ў бацькоў зараз адабрана каля 400 дзяцей. У рэальнасці іх яшчэ больш, але гэта вельмі цяжка праверыць.
Беларускае Радыё Рацыя