У магілёўскага журналіста канфіскавалі носьбіты інфармацыі



Вобшук у кватэры незалежнага журналіста ў Магілёве. Хоць паводле пастановы, якую Аляксандру Буракову прад’явілі міліцыянты, гэта быў «агляд» кватэры, які ў выніку завершыўся канфіскацыяй носьбітаў інфармацыі.

Кіраваў працэсам маёр міліцыі, які цяпер выконвае абавязкі  начальніка аддзела аховы правапарадку Ленінскага РАУС  г.Магілёва, Уладзімір Пугачоў. Пра гэта паведаміў нам кіраўнік мясцовай філіі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Барыс Вырвіч:

Пастанова на ажыццяўленне агляду была падпісана пракурорам Магілёва Вульвачам. Зацверджана начальнікам Ленінскага РАУСа Маскалёвым.  Агляд завершаны на гэты момант. У журналіста забралі два ноўтбукі, якія належаць яго жонцы, пра што журналіст папярэджваў міліцыянтаў. Таксама забралі дзве флэшкі. Аляксандр Буракоў адмовіўся падпісваць пратакол, паколькі лічыць агляд незаконным і не бачыў патрэбы міліцыянтам урывацца ў яго кватэру. Прысутнічалі і ўдзельнічалі ў аглядзе супрацоўнікі міліцыі: Церашонак А.У, Грыбко Д.В., Чарнышоў Д.Я. Усе свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі здымалі на відэакамеру, хоць Аляксандр Буракоў быў супраць, здымаў усё на відэакамеру аператар Якушэнка С.С.

Журналісту ўручылі позву, што сёння а 14-ай гадзіне ён мае з’явіцца ў Ленініскі РАУС горада Магілёва, а ў выпадку няяўкі яго папярэдзілі, што ён будзе затрыманы.

Аляксандра Буракова вінавацяць у парушэнні “Закона аб СМІ”: быццам ён працуе на нямецкую радыёстанцыю “Deutsche Welle” без акрэдытацыі. Нядаўна журналісту ўжо выносілі афіцыйнае папярэджанне за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Гаворка ішла пра незалежны тэлеканал «Белсат».

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя