У Магілёўскай вобласці ў перыяд навагодніх святаў загінулі 44 чалавекі
У перыяд навагодніх святаў (з 31 снежня па 7 студзеня) у Магілёўскай вобласці ад уздзеяння знешніх фактараў загінулі 44 чалавекі: 28 з іх — па прычыне няшчасных выпадкаў, 12 — скончылі жыццё самагубствам, два — загінулі ў ДТЗ, адзін — стаў ахвярай забойства, смерць яшчэ аднаго наступіла ў выніку пажару. Такую статыстыку прыводзіць сайт УУС Магілёўскага аблвыканкама.
„Аналіз гэтых фактаў паказаў, што ў пераважнай большасці выпадкаў на момант гібелі ад знешніх фактараў грамадзяне знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення або раней злоўжывалі спіртнымі напоямі. Больш за тое, менавіта ўжыванне алкаголю спрыяла ўчыненню злачынстваў, у выніку якіх загінулі або пацярпелі некаторыя з іх”, — цытуе сайт начальніка абласнога ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Паўла Смірнова.
Ён адзначыў, што ў мінулым годзе супрацоўнікі органаў унутраных спраў павысілі эфектыўнасць працы па супрацьдзеянні парушэнням антыалкагольнага заканадаўства. Канфіскавана на 34,2% больш (з 75.065 да 114.228 літраў) алкагольных напояў і вадкасцяў з утрыманнем спірту, у тым ліку з 25.490 да 76.715 літраў — фальсіфікаваных алкагольных напояў. Колькасць смерцяў грамадзян ад атручэння сурагатамі алкаголю зменшылася з 21 да 19.
На ўлік да ўрачоў-нарколагаў ўчастковымі інспектарамі пастаўлена 4.489 грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, у тым ліку 1.205 жанчын. Судамі вобласці да ізаляцыі ва ўмовах ЛПП прыгаворана 1.226 чалавек.
На прафілактычным уліку ў міліцыі стаіць 8.639 грамадзян, з якіх 7.132 прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў стане алкагольнага ап’янення, 1.507 — за правапарушэнні, учыненыя паўторна на працягу года ў сферы сямейна-бытавых адносін.
„З пачатку 2018 года ў органы ўнутраных спраў ужо паступіла 390 паведамленняў аб фактах гвалту ў сям’і, па якіх 326 асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 2 арт. 9.1 (нанясенне пабояў, якое не пацягнула прычынення цялесных пашкоджанняў, сваяку ці члену сям’і) КоАП, распачаты чатыры крымінальныя справы па факце прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў”, — паведаміў Смірноў.
belapan.by