У Магілёўскім раёне ад выбуху газу загінуў чалавек
Мужчына загінуў пры выбуху газу ў вёсцы Салтанаўка Магілёўскага раёна.
Як паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС, прыблізна ў 15.00 19 чэрвеня паступіла паведамленне пра ўспышку газапаветранай сумесі без наступнага гарэння ў цагляным будынку склада індывідуальнага прадпрымальніка. Будынак і маёмасць не былі пашкоджаныя, аднак загінуў 44-гадовы мужчына.
У МНС мяркуюць, што прычына ўспышкі — парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прыладаў і агрэгатаў, а менавіта разгерметызацыя газазварачнага абсталявання. Праверку па факце гібелі чалавека праводзіць Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.