У Магілёве пачалі курсіраваць кітайскія электробусы
Два кітайскія электробусы, падораныя Магілёву кітайскай правінцыяй Хунань, урачыста выйшлі 19 студзеня на вуліцы горада.
„У мінулым годзе старшыня партыйнага камітэта правінцыі Хунань Ду Цзяхаа і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі ажыццявілі ўзаемныя візіты, якія вывелі адносіны паміж рэгіёнамі на новы ўзровень. Назіраецца і рост гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Магілёўскае малако ўжо з’явілася на сталах жыхароў правінцыі Хунань. Перададзеныя Магілёву электробусы з’яўляюцца сімвалам дружбы, якая ў далейшым абавязкова будзе ўмацоўвацца”, — заявіў на ўрачыстай цырымоніі запуску электробусаў пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін на плошчы Славы перад ратушай.
Увасабленнем доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з правінцыяй Хунань — радзімай Маа Цзэдуна — назваў перадачу электробусаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Некрашэвіч. Ён нагадаў, што ў Магілёўскай вобласці працуе сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства „Зумліён-МАЗ”, якое таксама прадстаўляе правінцыю Хунань. У 2017 годзе Магілёву былі падораны восем модульных індывідуальных жылых дамоў. „Гэтыя два электробусы, якія мы прымалі разам з дэлегацыяй Магілёўскай вобласці ў правінцыі, гэта знак эканамічнай і сяброўскай ініцыятывы паміж нашымі дзяржавамі”, — заявіў Некрашэвіч.
Кітайскія электробусы былі перададзеныя Магілёву ў сярэдзіне 2017 года і пачалі абкатку па магілёўскіх вуліцах яшчэ ў снежні. Некаторы час яны яшчэ будуць ездзіць без пасажыраў. Пасля гэтага стануць перавозіць пасажыраў па тралейбусным маршруце № 4, які злучае чыгуначны вакзал і раён аўтазавода імя Кірава.
У той жа час магілёўскія гарадскія ўлады маюць намер набыць у 2018 годзе два электробусы беларускай вытворчасці. „Працуем з прадпрыемствам „Белкамунмаш” па магчымасці набыцця нашых электробусаў. Фарміруем праграму, глядзім, як складаецца фінансаванне, настроеныя на тое, каб набыць такія электрычныя сродкі перамяшчэння”, — заявіў журналістам старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, адзначыўшы, што будучыня за такімі машынамі.
belapan.by