У Магілёве педагога падазраюць у крадзяжы гаманца ў падлетка
У Магілёве пачатая справа ў дачыненні да педагога, якая падазраецца ў крадзяжы гаманца ў навучэнца ліцэя.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Ленінскага РАУС Магілёва Алена Сіманава, злачынства было здзейсненае ў лістападзе. „У міліцыю паступіла заява ад 15-гадовага навучэнца аднаго з ліцэяў горада, які расказаў, што раніцай у аддзяленні „Белпошта” на вуліцы Народнага Апалчэння ў яго знік пакінуты без нагляду гаманец з 55 рублямі і праязным білетам”, — сказала супрацоўніца міліцыі.
Па запісах камер відэаназірання ўдалося ўсталяваць, што гаманец выкрала раней не судзімая 40-гадовая магіляўчанка, педагог адной з устаноў адукацыі горада. Яна ўбачыла гаманец і паспрабавала непрыкметна забраць яго.
Выкрадзенае канфіскаванае. Магілёўскі міжраённы аддзел СК распачаў крымінальную справу ў дачыненні да падазронай.