У Магілёве помнік Леніну аблілі чырвонай фарбай
Помнік Леніну, размешчаны паблізу аўтазавода імя Кірава ў Магілёве, аблілі чырвонай фарбай. Пра гэта прыкладна ў 11.00 22 красавіка паведаміў удзельнік інтэрнэт-супольнасці „Магілёў real” Мікіта Раманоўскі.
„У ноч з 21 на 22 красавіка хтосьці абліў чырвонай фарбай Леніна ля ДК на заводзе Кірава і зрабіў надпіс „Забойца мільёнаў людзей”, — паведаміў блогер. Фотаздымак прыкладаўся.
Да моманту прыезду журналістаў сляды чырвонай фарбы заставаліся толькі на асфальце. І пастамент, і скульптура зафарбаваныя чорным. Рабочыя, якія займаліся прывядзеннем помніка ў ранейшы выгляд, мяркуюць, што невядомыя кідалі флаконы з фарбай, якія разбіваліся і залівалі каменную скульптуру.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, супрацоўнікі праваахоўных органаў апытвалі мясцовых жыхароў, праводзячы пакватэрны абход. Пра гэта журналістам расказалі жыхары найбліжэйшых дамоў.
Варта адзначыць, што напярэдадні, 21 красавіка, аналагічны інцыдэнт здарыўся ў Берасці. Там невядомыя аблілі чырвонай фарбай помнік Леніну, усталяваны на галоўнай плошчы горада. На месцы таксама працавала следча-аператыўная група.
Расейскі рэвалюцыянер, савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч Уладзімір Ульянаў (Ленін) нарадзіўся 22 красавіка 1870 года.