У Магілёве падчас будаўніцтва царквы знайшлі чалавечыя парэшткі



Каля двух дзясяткаў фрагментаў чалавечых касцей знойдзена 27 мая на месцы будаўніцтва Пакроўскай царквы.

Месца ўзвядзення новай Пакроўскай царквы знаходзіцца ў гістарычнай частцы Магілёва — былым Школішчы ў раёне Подніколля. Зараз у выкапаны катлаван будучага храма ўбітыя палі і заліты бетон.

Першым косці ніжніх чалавечых канечнасцяў, што ляжалі на паверхні зямлі, выпадкова знайшоў магілёўскі журналіст Алесь Асіпцоў, які накіроўваўся на гарадскі пляж на „Вялікі гарадскі пікнік”, што праходзіў непадалёк. Аб сваёй знаходцы ён паведаміў археолагу і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Ігару Марзалюку.

Паводле слоў Асіпцова, Марзалюк па тэлефоне заявіў, што ў тых месцах у XVI стагоддзі знаходзіўся некропаль.

Адзначым, усе земляныя работы ў гістарычнай частцы Магілёва павінны праводзіцца пад кантролем археолагаў. Разам з тым было бачна, што косці ляжалі на паверхні зямлі не адзін дзень. Некаторыя з іх разам з савецкімі салдацкімі гузікамі часоў Другой сусветнай вайны знаходзіліся на невысокім насціле, які пакрываў падмурак старой Пакроўскай царквы, разбуранай у савецкі час.

Аб знаходцы Асіпцову паведаміў таксама карэспандэнт БелаПАН. У выніку сумеснага агляду залітага бетонам катлавана і земляныя насыпы журналістаў знайшлі яшчэ некалькі фрагментаў чалавечых касцей, пра што паведамілі ў міліцыю. Пасля да месца выяўлення астанкаў прыбылі супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржкамітэта судовых экспертыз. Яны сабралі знойдзеныя косці, правялі неабходныя апытанні, у прыватнасці, была апытаная прадстаўніца Свята-Мікольскага манастыра, які прымае ўдзел у будаўніцтве новага храма.

Спецыялісты выказалі здагадку, што знойдзеныя косткі праляжалі ў зямлі не менш за 70 гадоў.

 
 
Фота svaboda.org