У Магілёве рэгіянальны каардынатар БХД Алег Аксёнаў арыштаваны на 15 сутак
Суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў рэгіянальнага каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Алега Аксёнава на 15 сутак арышту за „паўторнае на працягу года парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў” (арт. 24.23 КоАП), паведамляюць мясцовыя праваабаронцы.
Справу разглядала суддзя Ксенія Урублеўская.
Аксёнава прызналі вінаватым у тым, што ён 12 траўня ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля Магілёўскага абласнога суда, дзе пачаўся закрыты працэс у дачыненні да сустаршыні аргкамітэта БХД Паўла Севярынца і актывістаў „Еўрапейскай Беларусі”.
У той жа дзень каля будынка суда былі затрыманыя журналіст інтэрнэт-выдання „6tv.by Магілёўскі рэгіён” Уладзімір Лапцэвіч і карэспандэнт Deutsche Welle Аляксандр Буракоў. Паводле звестак праваабаронцаў, у ІЧУ яны абвясцілі галадоўку. Міліцыя інфармацыю пра галадоўку абвергла.
13 траўня на працы быў затрыманы старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў, які 12 траўня таксама быў ля будынка суда. Усім ставяць у віну ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, адзначаюць праваабаронцы.
15 траўня а 10-й раніцы павінен адбыцца суд над Уладзімірам Лапцэвічам. Даты і час іншых судоў пакуль невядомыя.