У Магілёве шпіталізаваны два чалавекі з падазрэннем на каранавірус
Міністэрства аховы здароўя Беларусі пракаментавала інфармацыю, размешчаную ў сацсетках пра двух пацыентаў, якіх павезлі з магілёўскай паліклінікі № 4 медыкі ў ахоўных касцюмах.
Як распавяла прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, пацыенты вярнуліся з адпачынку ў Кітаі. І на ўсялякі выпадак вырашылі праверыцца, так як турбавала падвышаная тэмпература цела.
– Вышэй за 37 градусаў тэмпература ў пацыентаў не ўздымалася, – удакладніла Ю. Барадун. – Тым не менш, іх шпіталізавалі для ўдакладнення дыягназу.
Акрамя таго, дапоўніла Барадун, у Беларусі прыняты дадатковыя меры для абароны тэрыторыі краіны ад завозу каранавіруса.
Супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы выконваюцца ў поўным аб’ёме. Гэта тычыцца не толькі Нацыянальнага аэрапорта Мінск, але і іншых пунктаў пропуску па ўсёй мяжы Беларусі.
Паводле апошніх звестак на 29 студзеня, выпадкаў каранавіруса ў Беларусі не зарэгістравана. Лабараторную дыягностыку прайшлі некалькі дзясяткаў чалавек. У іх дыягнаставаны грып А ці грып В.