У Магілёве святкавалі пад сцягамі СССР і са Сталіным



Прыкладна 300 чалавек узялі ўдзел у арганізаваным уладамі мітынгу, прысвечаным Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Нагадаем, гэты дзень адзначаецца як дзяржаўнае свята толькі ў дзвюх постсавецкіх краінах — Беларусі і Кыргызстане.

Удзельнікі акцыі, якія прыйшлі да 10.00 на плошчу Леніна, трымалі сцягі БРСМ, „Белай Русі”, магілёўскага гарводаканала, СССР, дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь. Таксама былі транспаранты з партрэтамі Іосіфа Сталіна.

Выступаючы перад прысутнымі, намеснік старшыні Магілёўскага гарсавета Зінаіда Пянькова падзялілася сваімі ўражаннямі аб інаўгурацыі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла ўчора. У ёй яна прымала ўдзел. „За ўсе гады заняцця пасады прэзідэнта ўчарашняя прамова Аляксандра Рыгоравіча была самай хвалюючай, самай трапяткой. І адчувалася, што ён вельмі хваляваўся, і першым, што ён прасіў перадаць, — вялікі дзякуй усім нам , усім вам за тое, што вы прыйшлі на выбары і зрабілі свой правільны выбар”, — расказала Пянькова.

Паводле яе слоў, кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што зробіць усё магчымае, каб беларусы жылі лепш. „Ён некалькі разоў вяртаўся да таго, што трэба клапаціцца пра дзяцей, пра пажылых людзей, пра маці. Таму яшчэ раз вялікі дзякуй усім нам, што выбары адбыліся і кожны з нас зрабіў правільны выбар”, — сказала Пянькова.

Закранаючы сённяшнюю дату, намеснік старшыні гарсавета падкрэсліла, што трэба памятаць гісторыю, цаніць дасягненні і перамогі продкаў і пераносіць іх у будучыню, „добрасумленна працаваць, каб квітнела рэспубліка”.

Пра тое, што Камуністычная партыя Беларусі падтрымлівае курс цяперашняй улады, заявіў першы сакратар Магілёўскага гаркама КПБ Міхаіл Кулагін.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да помніка Леніну. Арганізатары акцыі запрасілі ўсіх, хто прыйшлі ў сквер 40-годдзя Перамогі на прымеркаваныя да сённяшняй даты кірмаш і канцэрт. Мітынг на плошчы праходзіў пад кантролем супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і КДБ.

belapan.by