У Магілёве ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій
Трыццаць чалавек прыйшлі 3 лістапада, у дзень памінання памерлых „Дзяды”, ушанаваць памяць нявінна забітых да двух крыжоў, устаноўленых насупраць Магілёўскага мясакамбіната, дзе ў гады сталінскіх рэпрэсій праходзілі расстрэлы.
У адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі да месца масавых расстрэлаў часта прыходзілі толькі некалькі грамадскіх актывістаў апазіцыйных партый, сёння сярод тых, хто сабраўся, было шмат новых людзей, моладзі.
„Ахвяры масавых рэпрэсій вартыя таго, каб мы пра іх памяталі. І памяталі не толькі асабіста, але і масава. Каб была нейкая калектыўная памяць, з якой можна жыць наступным пакаленням. Бо, на жаль, мы сёння назіраем сітуацыю, калі аднаўляецца гэтая савецкая, камуністычная ідэалагічная сістэма. Сёння святкуецца юбілей ВЛКСМ, зноў да 7 лістапада прымеркаваны нейкія святочныя мерапрыемствы. Гэта ўсё выглядае дзіка, бо тая дзяржава, якую прыхарошваюць і забіваюць нам у галаву, была таталітарнай”, — заявіў, адкрываючы памятны мітынг, магілёўскі журналіст і праваабаронца, актывіст незарэгістраванага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Аляксандр Буракоў.
Ён расказаў, як было выяўлена гэта месца сталінскіх расстрэлаў, і выказаў шкадаванне, што маладое пакаленне практычна нічога не ведае пра іх. „Гісторыю забываюць. Ужо новае пакаленне не ведае, што было ў нашым горадзе, што ёсць гэтыя крыжы. Але калі дзяржава пачынае забіваць, яна ўжо не можа спыніцца. Калі мы забудзем, што дзяржава пачынала забіваць, я ўпэўнены, яна пачне рабіць гэта зноў”, — сказаў Буракоў.
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў прачытаў верш „А хто там ідзе” Янкі Купалы, адзначыўшы, што „гэты рэжым згіне, таму што колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе”.
Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Агееў расказа пра свайго рэпрэсаванага прадзеда і пра тое, што тэма сталінскіх расстрэлаў была табу ў яго сям’і. Ён прапанаваў актуалізаваць тэму палітычных рэпрэсій у грамадскай свядомасці.
Як заявіў Аляксандр Буракоў, на дадзеным месцы неабходна ўстанавіць помнік, бо драўляныя крыжы з часам гніюць і падаюць. „Я хачу гэтым заняцца — пачаць перапіску з гарвыканкамам, каб тут з’явіўся помнік, каб нават праз сто гадоў людзі ведалі пра тое, што тут было. Я абяцаю, што зраблю ўсё магчымае, каб на наступны год, калі мы збярэмся на гэтым месцы, нам было што прадметна расказаць па гэтым пытанні альбо паказаць”, — сказаў журналіст.
Пасля гэтага прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій хвілінай маўчання, усклалі кветкі і паставілі запаленыя лампадкі да ўстаноўленых крыжоў.
Фота: svaboda.org