У Магілёве запатрабавалі прыцягнуць дэпутата Марзалюка да адказнасці



Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў патрабуе ад міліцыі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу супраць дэкрэта прэзідэнта № 3.

15 сакавіка ў Магілёве ў акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедах” узяло ўдзел да 500 чалавек. У іх ліку быў дэпутат Ігар Марзалюк, які актыўна выступаў перад прысутнымі, абараняючы дэкрэт. Пасля акцыі каля 10 чалавек былі затрыманыя і пасля асуджаныя. Двух — Дзмітрыя Люнтава і Алега Мяцеліцу — пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 і 12 сутак. Неўзабаве пасля гэтага Хамратаў звярнуўся ў міліцыю з пытаннем, ці складаўся пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Марзалюка. Яму адказалі адмоўна, паколькі ў дзеяннях дэпутата адсутнічае склад правапарушэння. Чым дзеянні Марзалюка на мітынгу адрозніваліся ад дзеянняў іншых выступоўцаў, у міліцыі патлумачыць не змаглі.

Цяпер Хамратаў патрабуе пакараць Марзалюка, які, на думку праваабаронцы, нанёс яму маральную шкоду. „Дзеянні названага грамадзяніна прычынілі мне маральную шкоду, бо, на маю думку, у яго дзеяннях ёсць прыкметы складу адміністрацыйнага правапарушэння, адказнасць за якое ўстаноўлена арт. 23.34 КоАП. Сведкамі здарэння з’яўляюцца Калацілкін Ю.А. — намеснік начальніка РАУС, а таксама некалькі сотняў грамадзян і дзясятак перапранутых у цывільную вопратку амапаўцаў. Правапарушэнні супраць парадку кіравання з’яўляюцца вельмі сур’ёзнымі і маюць дастаткова жорсткія санкцыі. Па ўказаных падставах даводжу да вашага ведама, што застаўся адзін чалавек, якога неабходна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу — Марзалюк І.А.”, — указвае ў сваім звароце ў Ленінскі РАУС Магілёва Аляксандр Хамратаў.

Пасля таго як Хамратаву не было дадзена тлумачэнне наконт розніцы ў паводзінах Марзалюка і іншых грамадзян на мітынгу, ён звярнуўся ва ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама са скаргай на адказ з Ленінскага РАУС. „У абавязкі органаў унутраных спраў не ўваходзіць тлумачэнне дзейнага заканадаўства і юрыдычная кансультацыя”, — адказаў заяўніку намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў.

Цяпер Хамратаў звярнуўся ў суд Ленінскага раёна Магілёва з просьбай абавязаць міліцыю даць адказ па сутнасці, у прыватнасці чаму пасля мітынгу была аштрафаваная на 230 рублёў шматдзетная маці Алена Крэнь, якая не парушала грамадскі парадак, а дэпутат Марзалюк, які ўдзельнічаў у тым жа мітынгу, не прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці.

belapan.by