У Магілёве затрымалі двух журналістаў



У Магілёве 5 жніўня былі затрыманыя журналісты Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Уладзімір Лапцэвіч, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Прыблізна а 19-й гадзіне супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі спынілі аўтамабіль Буракова на вуліцы Касманаўтаў абласнога цэнтра, пасля чаго даставілі журналіста ў Ленінскі РАУС. Учора вечарам у студыі мясцовага інтэрнэт-партала „Магілёўскі рэгіён” Буракоў павінен быў весці праваабарончую перадачу, прысвечаную прэзідэнцкім выбарам.

Падтрымаць Буракова да РАУС прыехалі магілёўскія журналісты і праваабаронцы, аднак у аддзел міліцыі іх не пусцілі, спаслаўшыся на эпідэміялагічную сітуацыю.

У сувязі з нядопускам у будынак міліцыі журналіст „Магілёўскага рэгіёна” і член БАЖ Уладзімір Лапцэвіч пакінуў запіс у кнізе скаргаў і прапаноў Ленінскага РАУС. Праз некаторы час да яго выйшаў супрацоўнік міліцыі і папрасіў прайсці з ім у РАУС нібыта для апытання адносна яго скаргі. Лапцэвіч з аддзела міліцыі не выйшаў.

Раніцай 6 жніўня стала вядома, што Лапцэвіча затрымалі нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель паведаміў праваабарончаму парталу mspring.online, што ў дачыненні да Буракова ля будынка РАУС учынілі правакацыю. Ён не бачыў усяго таго, што здарылася, але пачуў з боку ўезду на паркоўку аддзела міліцыі голас нейкай жанчыны і Буракова, які некалькі разоў гучна паўтарыў слова „правакацыя”. Абодвух, паводле слоў Бухеля, правялі ў РАУС, побач з імі знаходзіліся двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.

Як паведамляюць у БАЖ, па стане на раніцу 6 жніўня Буракову інкрымінуюць хуліганскія дзеянні. Ноччу членам яго сям’і паведамілі, што ён па-ранейшаму ў РАУС і „з ім працуюць”. 6 жніўня ў журналіста дзень нараджэння.

Акрамя таго, паводле інфармацыі БАЖ, журналістам-фрылансарам Аліне Скрабуновай і Аляксандру Сідарэўскаму, якія 5 жніўня чакалі Буракова ля Ленінскага РАУС, уручылі позвы з патрабаваннем з’явіцца сёння ў 15.00 у Кастрычніцкі РАУС Магілёва.

belapan.by