Мікалая Гладышава пакаралі штрафам (абноўлена)
Суддзя Ленінскага суда Магілёва Наталля Панасенка пакарала штрафам у 25 базавых велічыняў актывіста АГП з Магілёва Мікалая Гладышава.
Яго абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэнні за незаконны выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі.
Затрымалі Гладышава 27 красавіка раніцай, калі ён на прывакзальнай плошчы раздаваў газету «Наш час» і бюлетэнь АГП «Не — карупцыі».
Да газеты «Новы час» прэтэнзіяў у міліцыянтаў не было. А бюлетэнь «Не — карупцыі», паводле міліцыі, не меў выходных звестак, таму на актывіста склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.
У судзе Гладышаў заявіў, што не лічыць сябе вінаватым, бо кіраваўся Канстытуцыяй краіны.
* * *
У Магілёве на чыгуначным вакзале затрымалі актывіста АГП Мікалая Гладышава, калі той раздаваў незалежныя газеты і ўлёткі беларускіх апазіцыйных арганізацыяў. Сярод газетаў – «Вольны час», сярод улётак – «Не – карупцыі».
Мікалай Гладышаў на працягу гадзіны раздаваў газеты і ўлёткі тым, хто ішоў да цягнікоў, і тым, хто сыходзіў з цягнікоў. Цяпер актывіст знаходзіцца ў міліцэйскім пастарунку чыгуначнага вакзала. Мікалай Гладышаў у 2013 годзе праводзіў у Магілёве адзіночны пікет супраць размяшчэння расейскай авіябазы ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org