У Магілёве завершана расследаванне справы аб падпале дома з людзьмі
Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 56-гадовага жыхара Магілёва, які падпаліў дом, дзе знаходзілася яго маці і іх 48-гадовы знаёмы. У выніку здарэння мужчына загінуў, а жанчына атрымала цяжкія траўмы.
Як паведамілі ва УСК па Магілёўскай вобласці, 11 лютага 2018 года мужчына гасцяваў у сваёй маці ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёна. Позна ўвечары ў дом прыйшоў іх агульны знаёмы, жыхар гэтай жа вёскі, і стаў прасіць у маці абвінавачванага выпіць або пазычыць грошай. Гэты факт вывеў з раўнавагі сына гаспадыні, і ён выйшаў на веранду. Праз некалькі хвілін хацеў вярнуцца дадому, аднак дзверы былі зачынены знутры.
Тады ў мужчыны і ўзнікла думка, як ён сам растлумачыў падчас допыту, „расставіць кропкі над i” — падпаліць дом разам з маці і знаёмым ўнутры. Пры гэтым 56-гадовы мужчына ўсведамляў, што робіць гэта з мэтай пазбавіцца ад маці і агульнага знаёмага, які, на яго думку, быў ёй „радней, чым сын”.
Для гэтага абвінавачваны выліў маторнае масла і бензін для бензапілы, якія знаходзіліся на верандзе, на канапу і падлогу каля ўваходных дзвярэй. Аднак мужчыне падалося, што гэтага недастаткова, і ён выліў рэшткі бензіну з бака бензапілы туды ж, кінуў рыззё, пасля чаго падпаліў усё запалкамі.
Затым мужчына нейкі час знаходзіўся на верандзе дома, і, пераканаўшыся, што агонь пачаў распаўсюджвацца, пакінуў месца здарэння.
З палаючага дома змагла выбрацца толькі маці абвінавачванага, яго знаёмы застаўся ўнутры з прычыны моцнага алкагольнага ап’янення — па выніках экспертызы ў яго крыві выяўлены этылавы спірт у канцэнтрацыі 4,6 праміле. Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы яго смерць наступіла ад атручэння прадуктамі гарэння.
Адразу пасля здарэння маці накіравалася да суседзяў, якія выклікалі МНС, хуткую дапамогу і супрацоўнікаў міліцыі. Мужчыну затрымалі супрацоўнікі Магілёўскага РАУС праз некалькі гадзін. Пры гэтым у кішэні ў яго быў знойдзены пачак запалак, якімі ён і падпаліў дом.
Па крымінальнай справе дапытаныя пацярпелыя і сведкі, атрыманы заключэнні судовых экспертыз. Па выніках расследавання мужчыну выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 139 (забойства агульнанебяспечным спосабам, учыненае з асаблівай жорсткасцю), ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 139 (замах на забойства дзвюх асоб), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне маёмасці, якое ўчыненае агульнанебяспечным спосабам і пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мужчына віну прызнаў цалкам. Да яго прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
belapan.by