У Магілёве здзейснены разбойны напад на турагенцтва



26-гадовы жыхар Магілёва ў масцы і з нажом уварваўся ў турагенцтва і абрабаваў жанчыну.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Ленінскага РАУС Магілёва Алена Сіманава, напад адбыўся 1 жніўня. „Паступіла паведамленне ад 37-гадовай магіляўчанкі, якая паведаміла, што невядомы, уварваўшыся ў адно з гандлёвых памяшканняў гандлёвага цэнтра „Мацярык” на вуліцы Дзяржынскага, пагражаючы нажом, завалодаў яе грашыма. Напалоханая жанчына пазбавілася 132 долараў ЗША і 675 рублёў”, — расказала Сіманава.

Паводле яе слоў, у павільёне, куды зайшоў невядомы ў масцы, размешчанае турыстычнае агенцтва, уладальніца якога ў той момант выйшла, пакінуўшы замест сябе сяброўку. У гэты момант і ўварваўся злачынец, які запатрабаваў выручку з касы. Паколькі выручкі ў касе не было, жанчына аддала свае грошы. Як толькі за мужчынам у масцы зачыніліся дзверы, магіляўчанка патэлефанавала ў міліцыю.

„Затрымалі зламысніка супрацоўнікі аддзела дэпартамента аховы Ленінскага раёна Магілёва. Ім аказаўся 26-гадовы непрацоўны раней не судзімы магілёвец. Уцякаючы ад праваахоўнікаў, ён спрабаваў выкінуць сумку з грашыма, маску і нож. Пасля затрымання ён прызнаўся, што пайсці на злачынства яго вымусіла цяжкая матэрыяльная сітуацыя: ён прайграў буйную суму ў гульнявых аўтаматах, і іншага выйсця, акрамя як здабыць грошы несумленным шляхам, не прыдумаў”, — адзначыла Сіманава.

Матэрыялы аб злачынстве перададзеныя ў Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта для прыняцця рашэння аб распачынанні крымінальнай справы на падставе артыкула „Разбой”. Падазраванаму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

belapan.by