У Маладзечне падчас прамога эфіру затрымалі здымачную групу „Белсата”



Карэспандэнтаў польскага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь, Дзмітрыя Міцкевіча і Дзяніса Дзюбу затрымалі 31 ліпеня прыблізна ў 17.30 ў Маладзечне (Менская вобласць) падчас прамога эфіру, паведамляе сайт тэлеканала.

Журналісты дзве з паловай гадзіны вялі стрым з перадвыбарнага мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, які праходзіў на гарадскім стадыёне.

Пасля завяршэння мітынгу Міцкевіч працягнуў інтэрв’юяваць удзельнікаў агітацыйнага мерапрыемства на вуліцы, Дзюба вёў здымку. Да іх пад’ехала міліцэйская машына, журналістаў у яе пасадзілі. Пры гэтым, як вынікае з апублікаванага на сайце відэа, міліцыянеры не назвалі сябе і некалькі разоў запатрабавалі выключыць камеру. Неўзабаве пасля гэтага стрым быў завершаны.

Паводле ацэнак арганізатараў, на мітынг Ціханоўскай у Маладзечне прыйшло тры тысячы чалавек.

Напярэдадні перадвыбарны мітынг-канцэрт адбыўся ў парку Дружбы Народаў у Мінску. Паводле ацэнак праваабаронцаў, у ім узялі ўдзел 63.000 чалавек, паводле ацэнак МУС — 18.250.

belapan.by

Фота: Кацярына Шульжыцкая